Беларуская Служба

На супрацоўнікаў тэлеграм-канала «NEXTA» наклалі кампенсацыю ў 24,5 мільёна рублёў

08.05.2024 10:05
Суд у Мінску пастанавіў, што Раман Пратасевіч, Ян Рудзік і Сцяпан Пуціла павінны выплаціць суму ў 24,5 мільёна рублёў за нанясенне ўрону.
 ,  ,
Раман Пратасевіч, Сцяпан Пуціла, Ян Рудзікspring96.org

Аб гэтым у сваім канале паведаміў сам Раман Пратасевіч, паведамляе Белсат са спасылкай на выданне «Медыязона».

Грамадзянскую позву ў дачыненні да былых супрацоўнікаў тэлеграм-канала «NEXTA» Рамана Пратасевіча, Яна Рудзіка, а таксама да заснавальніка канала Сцяпана Пуцілы разглядалі ў судзе Мінскага раёна 7 траўня.

У стрыме Пратасевіч прызнаецца, што рашэнне суда стала для яго шокам: «Я ўсё ж спадзяваўся на нейкія больш малыя сумы або што будзе прасцей і я хаця б тэарэтычна змагу пакрыць урон, які быў нанесены маімі дзеяннямі», – сказаў ён.

Асноўная частка выплатаў павінна перайсці ў МУС на прэміі і пазачарговыя выплаты, адзначыў Пратасевіч.

На затраты органаў унутраных справаў і ўнутраных войскаў МУС, якія павінны пакрываць транспартавыя расходы, адведзена 1 404 816 рублёў, на камандзіровачныя расходы супрацоўнікам – 286 756 рублёў.

«З мяне будуць браць 50% усяго даходу. Пры тым, што знайсці нават больш-менш нядрэнную працу – гэта 2 тысячы рублёў. І жыць трэба будзе на тысячу. У Мінску», – адзначае Раман.

Нагадаем, што Раман Пратасевіч быў затрыманы 23 траўня 2021 года ў выніку захопу ўладамі Беларусі пасажырскага самалёта кампаніі «Ryanair». У чэрвені 2021 года яго перавялі пад хатні арышт. Ён даваў інтэрвʼю прапагандысцкім СМІ і зняўся ў фільме «Одно уголовное дело», у якім дзяліўся падрабязнасцямі сваёй працы з «Nexta» ў 2020 годзе.

Рамана Пратасевіча засудзілі на 8 гадоў паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ.

22 траўня 2023 года стала вядома пра тое, што Лукашэнка памілаваў Рамана Пратасевіча. Раман застаецца ў Беларусі і за ім усталяваны нагляд.

яс